lizdejka: (намастэ)
пачуваюся як дзіцё, што знайшло залаты ключык ад Нарніі )).
Новае разуменне, успрыманне астралогіі і ейных інструментаў. Пра гэта.
Базавае пакуль - пра Меркурый - з вікіпедыі.

Цікавае: праз адносіны з людзьмі, са светам, у чалавека на працягу жыцця адбываецца выраўніванне, чыстка, трансфармацыя па канкрэтнай планеце. Людзі з падобнымі задачамі прыцягваюцца адзін да аднаго, праз супрацу, сяброўства, сваяцтва. Дасягненні аднаго чалавека ў той ці іншай ступені праяўляюцца ў жыцці астатніх.
lizdejka: (жар-птушка)
Вялікую частку маіх сненняў і захапленняў займаюць зоркі. (Дарэчы, адна з прычын майго ніку ў жж ;)). Я надзвычай люблю дзівосныя відзежы сузор'яў, планет, галактык у сніўных нябёсах, а таксама - самых неверагодных сцэн у іх. Магчыма, хтось спытае "ці ня страшна?" Сапраўды, ёсць такое пачуццё, якое можна патлумачыць спярша як страх. Але насамрэч гэта больш падобна да пашырэння свядомасці, выхад за межы цела, у тым ліку і сніўнага.

далей цікавей... )
lizdejka: (намастэ)
я не шукаю Вегі сярод зор, мой пагляд заўжды скіраваны да яе))
І - сузор'е Лебедзя - самае прыгожае ў летне-восеньскім небе

усіх усходнікаў - з Зорным святам, Чхільсокам, Танабатай, Ці Сі! :))
lizdejka: (намастэ)
Адчуванне, што не дараму гляджу, а ўдзельнічаю ў сеансе псіхадрамы. Настолькі чотка перажыванні галоўнай гераіні прапісваюць мае ўласныя на працягу многіх апошніх гадоў. Што цікава - знешнія ўмовы нібыта і розныя, але насамрэч, у плане ўздзеяння і сымбалізму ідэнтычныя. Мой сатурніянскі перыяд ужо скончыўся (хаця па ведычных вылічэннях ён мусіць яшчэ быць год, але я бачу, што скончыўся па-заходняму) і гэта выглядае нібы рэфлексіяй і падсумаваннем. Але наступствы таксама добра падчысціць, пазбавіцца ад рэштак неверагоднага стрэсу даўжынёй у шмат год.
994_o
Сатурніянскі перыяд - гэта такі час дабравольнай аскезы, нібыта ты сам сябе за нешта караеш ці адпраўляеш на адмысловы вышкал. Яго пачатак у мяне азнаменаваўся мінімалізмам: я павыкідала была з хаты ўсё, што нібыта ціснула на мяне, - прадметы камфорту, мэблю, многія свае рэчы. Вельмі па-спартанску, па-мужчынску ўсё стала. А скончыўся ён на дараме "Вера", чамусьці. І выліўся ў вегетарыянства. І зараз хочыцца ўтульнасці і прыгожых рэчаў. Не толькі неабходных і карысных, але проста прыгожых.

Read more... )

가을...

Sep. 9th, 2013 06:58 pm
lizdejka: (жар-птушка)
Такі выразны пах восені, даўкі, устойлівы. Пах першага пажаўцелага лісця і водар чорнай рабіны ловяць на выхадзе з хаты. І тут жа па шляху - пахі восеньскіх кветак, падобных на зоркі, з зусім непяшчотнымі пялёсткамі, яркіх, насычаных колерам і сілай і цвёрдасцю зямлі. Дзе-нідзе спыняе водар яблыневых дрэў, саспеленых, салодкіх. Увечары яра сакочуць конікі, разрываючы любую іншую сілу.
65001151_8de84d9cda30
Зямля - стыхія пачатку восені і канца лета. Нават неба - быццам маляванае сухімі пастэлямі, гэткае ж зярністае, як зямля, насычанае колерамі. Вельмі люблю гуляць у гэты час. Усё чапляе вока, чапляе нюх. Нейкая адмысловая яснасць розуму, успрымання, цяму. Гэта ўжо не лета, у якім ты плывеш, нібы ў эфіры з лёгкіх павеваў красак і пахаў, святла і ценю, гукаў.

Read more... )
lizdejka: (намастэ)
Сапраўды Сатурн - бог часу. Па ім можна наладжваць гадзіннікі. Праўда, не ўгадала з колькасцю кветак. Канешне ж, тры. Маё вечнае тры. У дзень Сатурна, у час транзіту. І актуалізацыя некаторай важнай сымболікі.
Мне падабаюцца інтэрпрэтацыі і заходняй астралогіі і ведычнай. Я так і не прыйшла да высновы, якая сістэма лепшая і больш працуе. Асабліва, што тычыцца перыядаў. Бо адносна не ведычных планет кшталту Урана і астэроідаў у мяне перакананне, што яны ўсё ж "працуюць". Вось акурат любуюся сваім кактусам і радуюся, калі згарае чарговая лямпачка альбо плавіцца разетка. Містыкааа! :)) Сатурн - бог, які, праходзячы праз пэўныя сферы нашага жыцця, ачышчае іх ад таго, што замінае развіццю.

Read more... )
lizdejka: (намастэ)
Знаўцы кажуць, што хатнія кветкі агулам знаходзяцца пад апякунствам жаночай энэргетыкі. Калі яе мала, то кветкі ці зусім не растуць, ці растуць вельмі слаба і пераважна "марсіянскія", кшталту кактусаў. Гэта такая гісторыя пра мяне :). Праўда, за апошні год вырасла фіялка яшчэ. Ну і кітайская ружа стаіць са старажытных часоў і косіць пад мэблю. У розныя перыяды ў мяне розныя кветкі былі. Але, напрыклад, віюнкі, якія я абажаю, не раслі і не растуць дагэтуль, колькі б я іх не саджала. Ага, не стае мне ўчэплівасці і выкрутлівасці :). Я думаю, што пра змены ў характары і адпаведна лёсе можна будзе казаць акурат тады, калі ў мяне прыжывуцца віюнкі, не раней :).
Read more... )
lizdejka: (жар-птушка)
Людзі сыходзяцца ня проста так. Ня проста так мы кагосьці любім, да кагосьці прывязваемся. Ня проста так кагось ненавідзім. Калі зазірнуць у карту нараджэння, то часта лёгка можна пабачыць выразныя сувязі паміж гараскопамі, планетамі. Злучэнні, супрацьстаянні, трыгоны, квадратуры і інш.

Не значыць, што кожны чалавек, з якім у нас ёсць злучэнне планет, можа быць для нас важным у той ці іншай ступені. Але кожны важны чалавек мае з намі адмысловы планетарны рэзананс.

Ведычная астралогія, напрыклад, вылучае перыяды планет, праз якія праходзіць наша жыццё. Змена перыядаў заўжды суправаджаецца стрэсам. З нейкім мы часам можам справіцца, а з нейкім і не. Тады мы кажам пра адмоўнае ўздзеянне той ці іншай планеты і як вынік - "адмоўны перыяд', 'чорная паласа'. Так і прынята казаць - 'стрэс па Сонцу', 'стрэс па Марсу' і інш. Але ў маім успрыманні ўсё гэта адносна. Проста ёсць стрэсы, якія праходзяць як бы самі сабой, а ёсць такія, на пераадоленне якіх патрэбны свядомыя высілкі. Вось і ўсё.

Але самае цікавае, што калі ідзе перамена па нейкай планеце, да нас прыцягваюцца людзі (або мы звяртаем увагу на такіх), якія рэзануюць з намі менавіта па гэтай планеце. І ў рэальным жыцці і ў віртуальным.

Read more... )
lizdejka: (намастэ)
сёння Сонца знаходзіцца роўна паміж летнім сонцастаяннем і восеньскім раўнадзеннем. Гэта паваротны час сонечнага каляндара. У Японіі, у горадзе Сэндай у гэтыя дні (з 5 па 8 жніўня) праходзіць зорны фестываль Танабата (Ткачыха). У яго аснове ляжыць прыгожая легенда пра каханне Вегі і Альтаіра (Ткачыхі і Валапаса), што знаходзяцца па розныя берагі Малочнай ракі і могуць сустрэцца толькі раз на год - сёмага чысла сёмага месяца, - прайшоўшы па мосце, пабудаваным крыламі сарок. Але калі ў гэты дзень ідзе дождж, ім даводзіцца чакаць яшчэ год. Дарэчы, цікавы міталагічны момант - закаханыя былі ператвораны ў зоркі за тое, што перапынілі працу.

У гэты час я таксама адчуваю дзіўную блізкасць да зор, лунаю дзесьці там. Чамусь і для мяне з маленства гэтыя дні - свята неба, свята зорнага неба.

Хаця ў арыгінале яно прывязана да месяцовага каляндара і мусіць святкавацца на маладзік (7 дзень) сёмага месяца. У гэтым годзе ён будзе аж 24 жніўня. Найбольш пашыраны час святкавання прывязаны да сучаснага грыгарыянскага календара і ўжо прайшоў - гэта 7 ліпеня, калі мы святкуем "праваслаўнае" Купалле і дзень каранацыі Міндоўга.

У нас у ліпені ёсць цікавае свята - 18-га чысла. Вось што пра яго падае народны каляндар:

Read more... )
Учора ненаўмысна запосціла сваю любімую песню "Зорка", а сёння - навальніца і хмары і таму згадваецца Караткевіч:

Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіафана,
Радуга на крылах навальніц.

Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, —
Адкажы на вуха ўладару,

Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?

lizdejka: (намастэ)
Між блакітам нябёс і азёраў
Звонкая вечнасць і човен
Мама, баішся замачыць ногі?
Так, пад ногі кладзецца лёс...
Замочыш - і не знойдзеш звыклых межаў
І ніколі не патрапіш туды,
Дзе вучылі цябе "як трэба"

У небе пухнатая аблачынка
А ты - у плеценым чоўне
І не збыцца ўзнёслае Вегі
І не збыцца пронізяў Сірыюса

Градус душы - нязменны -
Звонкая вечнасць блакіту
lizdejka: (намастэ)
У Японіі з пачатку перыяда Эдо зарадзіўся фестываль Танабата, "фестываль зорак". Ён прысвечаны зорцы Везе і Альтаіру. Згодна легендзе прынцэса, якая тчэ, Орыхімэ (Вега) закахалася у валапаса Хікобосі (Альтаір) і перастала прасці. Ейны бацька, незадаволены апошнім, разлучыў закаханых Нябеснай Ракой (Птушыным Шляхам). І толькі раз у год у сёмы месяц сёмага чысла закаханыя сустракаюцца разам. У горадзе Сэндай фестываль святкуецца 5-8 жніўня, што лічыцца больш аўтэнтычнай датай.
Асноўныя атрыбуты свята - фаерверкі, парады і святочнае ўпрыгожанне вуліц.
Яшчэ - звычай вешаць на бамбукавых галінках жаданні, напісаныя на тонкай каляровай паперы (тандзаку).


Обон13-15 жніўня - фестываль Обон - свята памінання памерлых. Лічыцца, што ў гэты час дзяды наведваюць жывых, для гэтага з вечара развешваюцца ліхтары, каб яны знайшлі дарогу дадому. Таму фэст называецца яшчэ фестывалем ліхтароў. Завяршаецца фестываль урачыстым торо нагасі - пусканнем папяровых ліхтароў са свечкамі па вадзе, каб паказаць дзядам бяспечны шлях назад у тагасвет.
lizdejka: (намастэ)
Я не магу сказаць з пэўнасцю, калі першы раз пабачыла тое ці іншае сузор'е і што пры гэтым адчула. Але кожнае з іх звязана з пэўным месцам і часам, калі яно раптам адкрылася мне, захапіла, уразіла ці завабіла.

Сузор'е Касіяпеі (тое, што літарай М ці W) мне паказала маці ў дзяцінстве як адно са сваіх любімых. Здаецца, гэта было летам. І я заўсёды шукала яго ў начным небе пасля, і зараз, хоць і рэдка, але вітаюся з ім. Рэдка - бо трэба высока задзіраць галаву. У міфалогіі звязваюць яго з жанчынай або з тронам. А мне ад пачатку нагадвала яно птушку. І калі я малявала птушак у небе, паўсвядома я малявала Касю. Я люблю гэтую фігуру ў арнаменце. Дый проста люблю літары М і W, імёны, якія з іх пачынаюцца.
У гэтым сузор'і бачу традыцыйных Касароў і ніяк не магу дапяць, чаму Касцамі завуць пояс Арыёна. Тут мусіць быць нейкая памылка. Хто касіў - зразумее.

Вялікі Воз я пабачыла ў Польшчы ў планетарыюме, гадоў у 13. Але адкрыўся мне ён зусім нядаўна, на беразе Нарачанкі. Я сядзела ля вогнішча. Над лесам вісеў Вялікі Коўш. А я думала, вось бы напіцца з такога дзівоснага каўша... Коўш - самая адчувальная назва. Але калі адухаўляць, то гэта адназначна Лось :). Лось, ператвораны ў коўш. Неяк так.

Пляяды... Калі б я не была абазнаная ў астраноміі на той момант, калі мне адкрыліся Пляяды (узімку, пад Новы год над домам свайго будучага мужа), я б прыняла яго за нябеснае гняздзечка. А так я памылкова прыняла іх за сузор'е Валасы Веранікі. Ну, ад праўды было недалёка, бо ў народзе завуць яго Валасыні.На Вялейшчыне - Сіта, Сітца. Але Гняздо мне падаецца самым праўдзівым па адчуваннях. Ці ня ў гэтым гнязде быў знойдзены Ліздзейка?... Іначай кажучы, ці не Ліздзейкам заву я гэтае сузор'е?...

Арыён. Ён уздымаецца над гарызонтам узімку. Ён палохае мяне сваёй адухоўленасцю. Дый проста палохае. Ёсь у ім нешта агрэсіўнае, жорсткае. Я баюся заставацца з ім сам насам - у чыстым полі, на дарозе. То я бачу тулава чалавека, падпярэзанага трыма зоркамі, то агромністага матылька, які ляціць па небе. Арыён-матылёк адкрыўся мне ў Нясвіжы. За год да гэтага я напісала свайго "Матылька". А нядаўна даведалася, што дыялектная назва матылька - цярэшка. То мабыць на Новы год жэнюць Арыёна :). Прынамсі, сярод зімовых сузор'яў - ён самы жывы. Арыён як чалавек - сузор'е каляднае для мяне. Я любавалася ім шторазу, як хадзіла на калядную пастэрку 24-га ўвечары.
Тое, што страшыць, тое найбольш і вабіць. І я шмат цікавілася, пісала пра Арыён. Выклала многа фантастычных ідэй, частку якуіх урэшце адкінула. Немагчыма не пабачыць сувязь поясу Арыёна з Сірыюсам і туманнасцю Цяльца пад зоркай Альдэбаран. Адразу прыходзіць на розум пушкінскае "Три девицы под окном пряли поздно вечерком". Тры дзявіцы - то, зразумела, тры традыцыйныя сятры, ядзеркі, міфалагічныя мойры, долі. Кудзеля - то туманнасць. А Сірыюс - верацяно.

Сузор'е Лебедзя я пабачыла ўвосень, падчас нейкай святочнай імшы на вуліцы. Мяне раптоўна ўразіў гэты грацыёзны палёт па Малочным (у народзе - Птушыным!) Шляху. Метадам нескладаных разлікаў я знайшла Лебедзя ў сваім персанальным гараскопе. Альбірэа, Дзюба Лебедзя, кульмінуе ў самай глыбіні маёй душы. Між іншым, майго прадзеда клікалі Дзюбка - вось такое супадзенне. Наогул, птушкі - асаблівая глава ў маім жыцці, лёсе.
Калі Лебедзь становіцца на дзюбу, увечары позняй восенню-зімой, ён робіцца падобным да крыжа ці да нашага парасона, стаўпа. З кастрычніка ён нібыта ўзлятае, а ў лютым апускаецца. А потым ператвараецца ў лебедзя. Кульмінуе Лебедзь з 13 па 31 ліпеня.

Астатнія сузор'і, напэўна, яшчэ чакаюць свайго часу і месца ў маім жыцці.
lizdejka: (намастэ)
Пляяды
Пляяды блізу 1000 г. кульмінавалі 1 лістапада, на Дзяды. Думаю, вы пагодзіцеся, што гэта сузор'е недвухсэнсоўна звязана з культам Продкаў, Дзядоў.
Назвы Пляяд у нас: Велiсазар, Валасажар, Волосозар, Волоцозар, Волосары, Волосузар, Цары-волосары, Валосны, Полосозар, Вiсы(а)жар,Вiсожары, Валоскi, Бабы, Сiцо, Сiтко, Сiтцо(а),Сiцца, Сiтцы, Сiцячко, Рашотка, Рэшата, Рашато, Рэшатнi, Гняздо, Кучкi, Стажар, Стажэрка, Курочка, Курачке, Сямiзвёздачка.
Вялес першы раз таксама ўзгадваецца ў 10 стагоддзі.
Цікава таксама, што максімальна збліжаліся Пляяды з Сонцам на 30 красавіка/1 траўня. Думаю, ведаеце, што гэта за дата.
lizdejka: (намастэ)
Ц.Авілін піша, што Пляяды (Велiсазар, Валасажар, Волосозар, Волоцозар, Волосары, Волосузар, Цары-волосары, Валосны, Полосозар, Вiсы(а)жар,Вiсожары, Валоскi, Бабы, Сiцо, Сiтко, Сiтцо(а),Сiцца, Сiтцы, Сiцячко, Рашотка, Рэшата, Рашато, Рэшатнi, Гняздо, Кучкi, Стажар, Стажэрка, Курочка, Курачке, Сямiзвёздачка
) звязаны з культам Вялеса. Потым пачынае распавядаць пра свята Юр'я ў звязку з Плеядамі (ён, што, Юр'ю лічыць Вялесам?):
"Найбольш iнтэнсiŷна адраджэнне прыроды адбываецца падчас вясенняга свята Юр'я 5-6 траŷня (23 красавiка ст.ст.). Ужо ŷ XVII ст. гэты дзень быŷ юрыдычным тэрмiнам. З гэтага дня налiчвалася арэнда фальваркаŷ i ŷстанаŷлiваŷся тэрмiн найму парабкаŷ. У гэты дзень першы раз у новым годзе выпускалi гавяду на выган. Менавiта ŷ гэты дзень зранку Плеяды ŷзыходзяць на паŷночным захадзе, а 8-9 снежня (26 лiстапада па ст. ст.), падчас восеньскага свята св. Юр'я, зранку i заходзяць. Па ŷзыходзе i захадзе Плеядаŷ вызначалi пачатак i заканчэнне земляробчых работ."
АЛЕ  Пляяды знаходзяцца недзе сёмага траўня ў злучэнні з Сонцам і таму ня могуць быць бачныя на світанку! Толькі па прашэсці дзён сем мінімум іх можна ўгледзець перад узыходам сонца на самым даляглядзе!

Карацей, тое, што Пляяды зьяўляюцца жытлом Вялеса, месцам, куды трапляюць душы, я яшчэ магу пагадзіцца. Але Вялесава панаванне пачынаецца ПАСЛЯ Юр'і. Як я раней лакалізавала - недзе 22-23 траўня, пераход сонца з Цяльца ў Блізняты.

Profile

lizdejka: (Default)
Ela Kulesh

April 2017

S M T W T F S
      1
23 45678
910 1112131415
1617181920 2122
232425 26272829
30      

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 26th, 2017 08:41 pm
Powered by Dreamwidth Studios